У Дня Рыгі з'явіўся беларускі акцэнт

Галоўная / Навiны / У Дня Рыгі з'явіўся беларускі акцэнт

Сёлета беларуская дыяспара Латвіі ўпершыню ўзяла ўдзел у штогадовым Дні Рыгі, размясціўшы пад час свята свой стэнд на Ратушнай плошчы.

Арганізацыяй удзелу ў мерапрыемстве займалась Асацыяцыя беларусаў Латвіі «Суполка» сумесна з Латвійскiм таварыствам беларускай культуры “Сьвітанак” пры падтрымцы Дацкага культурнага інстытута ў Эстоніі, Латвіі і Літве.

Для азнаямлення і папулярызацыі традыцыйнай беларускай народнай творчасці прайшлі майстар-класы па вырабе “Выцінанкі” — мярэжаў, выразаных з паперы з дапамогай нажніц, i лялек-абярэгаў “Жаданніца”. Вялiкiм попытам наведвальнікаў карысталася майстэрня па жывапісе акрылам на шоперах. Кіравала ёй сучасная беларуская мастачка і ілюстратарка Вольга Якубоўская, вядомая па серыі «Коцiкі Свабоды».

Цiкавасць гасцей выклікала распрацаваная чальцами "Суполкi" настольная гульня на падабенства беларускіх і латышскіх слоў i аквагрым з узорамі беларускага нацыянальнага арнаменту.

Са сцэны на Ратушнай плошчы ад беларускай дыяспары горад павiншавалi беларускі рок-музыкант Лявон Вольскi і латышскі хор «Frachori». Прыемнай нечаканасцю было сумеснае выкананне нефармальнага гімна Беларусі "Тры чарапахі" і версіі «харавога гімна» Латвіі Saule, Pērkons, Daugava на беларускай мове як сімвалу падтрымкі Латвіяй Свабоднай Беларусі.

Пад час святкавання Дня народзінаў Рыгі на стэнд да беларусаў завіталі пасол Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семанiс, віцэ-мэр Рыгі Лінда Озола, кіраўнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Рыжскай думы Галіна Букоўска, кіраўнік Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі Раффі Хараджанян, кіраўнік арганізацыі беларускіх мастакоў у Латвіі "Маю гонар" Вячка Целеш, сябра Беларускага дома ў Эстоніі i ппрадстаўнік Офіса Святланы Ціханоўскай у Эстоніі i Латвii Віталь Малчанаў i сябра Прэзыдыюму Рады БНР Алесь Чайчыц.