Уладзiмiр Пiгулеўскi: «На крутых вiражах»

Галоўная / Навiны / Уладзiмiр Пiгулеўскi: «На крутых вiражах»

Да 65 гадавiны смерцi Уладзiмiра Пiгулеўскага 16 чэрвеня беларусы Латвii зладзiла наведванне беларусамі месца пахавання ў Рызе на могілках Райніса беларускага лiтаратара i асветнiка, грамадска-палiтычнага i культурнага дзеяча БНР.

Як узнiкла iдэя?

Калiсьці, яшчэ ў Беларусi, прачытала на адным з вядомых беларускiх iнтэрнэт-парталаў артыкул пра спадара У.Пiгулеўскага. Для сябе адзначыла, што дзейнасць яго звязана з Латвiяй i пахаваны ён у Рызе, таму, калi буду ў гэтым горадзе, трэба ўшанаваць памяць цiкавага чалавека i наведаць яго магiлу.

Зараз такая магчымасць з’явiлася. Вызначыўшы для сябе па мапе могiлак на ўваходзе месца для пошуку, я з першай спробы знайшла помнiк Уладзiмiра Пiгулеўскага i яго жонкi Вольгi Барoўскай-Пiгулеўскай. Пахаваны ён справа ад цэнтральнай кампазiцыi, мемарыяла Янісу Райнiсу, самаму знакамiтаму пiсьменнiку i грамадска-культурнаму дзеячу Латвii. Такi адбыўся цуд, як быццам хтосьцi мяне вёў да месца, бо могiлкi вялiкiя, варыянтаў знаходжання магiлы было шмат, я ведала, што ёсць i зруйнаваныя магiлы, i калi не знайду такiм чынам, то трэба будзе звяртацца ў дзяржаўную ўстанову за дапамогай. Такая лёгкасць у пошуках дала iдэю наведвання магілы больш шырокім колам беларусаў, прымеркаванай да ўгодкаў смерцi.

Сабраўшы дадзеныя пра жыццёвы шлях У.Пiгулеўскага, якi быў таксама i ваенным, i авiятарам, i мог бы зрабiць сабе кар’еру ў гэтай галiне, аднак, каб падтрымаць дэмакратычны беларускi нацыянальны рух, пайшoў працаваць на нiве асветы i пiсьменнiцкай дзейнасці, у маёй галаве намалявалася выява самалёта ў нябеснай прасторы, які вырабляе фiгуры вышэйшага пiлатажу. Гэта метафара i пра жыццё Пiгулеўскага: заўсёды ў палёце, у няспынным руху.

Пра перыяд нацыянальнага беларускага адраджэння сярод беларусаў у Латвii ў мiжваенны час (20-30-ыя гг. ХХ ст.), мне здаецца, мала хто згадвае. На мой погляд, больш надаюць увагі таму, як з беларушчынай змагалiся ў гэты час на тэрыторыi Польшчы. У Латвіі ж у гэты перыяд беларускi рух быў найбольш скаардынаваны i меў падтрымку з боку дзяржавы. I паважаны спадар Пiгулеўскi быў адным з рухавiкoў гэтага дзеяння, меў мэту захoўваць i распаўсюджваць беларускасць, уключаць беларусаў у сусветны культурны кантэкст.

Беларуская дзейнасць на такім ўзроўні ў Латвiі стала магчымай ў тым ліку дзякуючы падтрымцы паэта Яніса Райнiса, маці якога была беларускай, і якi абараняў правы беларусаў у Саэйме. Ён стаў «хросным» для беларусаў (словы Сяргея Панiзнiка), бо з дзяцiнства меў сувязь з беларушчынай. 

Тут  зык: “Ён беларусаў хросны!” –
вятрам ніколі не суняць.
Урывак з верша "Нязломеыя сосны Райніса" Сяргея Панізьніка.

Таму, магчыма, невыпадкова, што i Райнiс, i Пiгулеўскi пахаваныя побач.

Калі супаставіць iнфармацыю пра лёс гэтых двух асоб, можна адзначыць, што Пiгулеўскi ў некаторых момантах iшоў крок у крок са сваiм настаўнiкам i абаронцам беларусаў, нават яшчэ i да знаёмства з iм.

 

Прапаную вашай увазе факты, якiя сведчаць аб гэтым:

«Пiгулеўскi: крок у крок з Райнiсам»

Абодва былі навучэнцамі гiмназiй:

  • Райніс. Рыжскай гарадской;
  • Пігулеўскі. Мiнскай класiчнай мужчынскай.

З’яўляліся ўдзельнiкамі рэвалюцыйнага руху 1905 г.:

  • Р. Адзiн з арганiзатараў у Латвii;
  • П. Сябра рэвалюцыйных гурткоў у Мiнску.

Атрымалі адукацыю ў Пецярбургскiм Унiверсiтэце:

  • Р. Юрыдычны факультэт;
  • П. Гiсторыка-фiлалагiчны факультэт.

Дзейнасць у нацыянальных рухах:

  • Р. У латышскiм
  • П. У беларускiм (падтрымаў БНР, браў удзел у яе дзейнасцi на тэрыторыi Украiны, Лiтвы, Латвii i Эстонii)

Дзейнасць у настаўнiцкiм руху, мэтай якога было пашырэнне адукацыi i адкрыццё школ:

  • Р.  У Латвii;
  • П. Ва Ўкраiне, Лiтве, Латвiі.

Мелі пасады ў галiне асветы:

  • Р. Мiнiстр адукацыi Латвійскай Рэспублікі ў 1926 -1928 гг.;
  • П. Настаўнiк рускай мовы i гiсторыi, iнспектар школ, складальнiк метадычных матэрыялаў i падручнiкаў для навучання ў беларускiх школах.
  • 1924 – 1925 гг. Дырэктар Люцынскай беларускай прыватнай гiмназii
  • 1927- 1934 гг. Кiраўнiк Беларускага аддзела пры Мiнiстэрстве адукацыi Латвii.

Былі сябрамі Латышскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыi:

  • Р. 1920-1929 гг.;
  • П. 1924-1934 (першы беларус у ЛСДРП).

З’яўляліся дэпутатамі Саэйму Латвiйскай Рэспублікі:

  • Р. 1922-1929 (Першы, Другi i Трэцi Саэймы;
  • П. 1928-1931 гг (Трэцi Саэйм) першы дэпутат-беларус Саэйму ЛР.

Абодва былі ўдзельнiкамі Першай навуковай Акадэмiчнай канферэнцыi па рэформе беларускага правапiсу i азбукi ў Мiнску (14-18 лiстапада 1926 г.)

Вымушаная эмiграцыя:

  • Р. З Латвii ў Швейцарыю, каб пазбегнуць пераследу за рэвалюцыйную дзейнасць 1905 г.;
  • П. З Беларусi ў Лiтву i Латвiю, бо урад БНР пакiнуў тэрыторыю Беларусi i вёў нацыянальную дзейнасць у выгнаннi.

Абодва былі палiтвязнямі:

  • Р. 1897 г. – арышт і турма ў Панявежысе, Рызе, Лiепае
  • 1897-1899 гг. – высылка ў Пскoў
  • 1899-1903 гг. – высылка ў г. Слабадскi, каля Вяткi;
  •  
  • П. Польская турма (прыкладна 1918 г.)
  • 1924-1925 гг. – арышт ў Латвіі (пад следствам па сфабрыкаванай справе супраць беларускiх настаўнiкаў па абвiнавачванню ў зносiнах з Савецкай Беларуссю з мэтай далучэння да яе часткi краіны – Латгалii, месца кампактнага пражывання беларусаў). Быў апраўданы.
  • 1934-1935 гг. – арышт i высылка ў Лiепайскi лагер.

У лiтаратурнай справе абодва выступалі ў якасці паэтаў, празаiкаў, драматургаў, публiцыстаў, тэатральных крытыкаў, перакладчыкаў, дзiцячых лiтаратараў

Мелі лiтаратурныя псеўданiмы:

  • Р. Райнiс (Сапраўднае iмя Янiс Плiекшанс);
  • П. Гуль.

Валодалі некалькiмi мовамi, агульнымі для iх былі:

  • беларуская, руская, украiнская, польская, французская.

Некаторы час жылi ў Латгалii:

  • Р. У дзяцiнстве;
  • П.   У 1922-1925 гг. падчас працы выкладчыкам.

Былі ў шлюбе з прадстаўнiцамi творчага асяроддзя:

  • Р.  З Аспазiяй – актрысай i таленавiтай паэткай;
  • П.  З Вольгай Барoўскай – вiртуознай пiянiсткай–выканаўцай i выкладчыцай.

Абедзве жанчыны жылi даўжэй за iх спадарожнiкаў па жыццю.

Абодва памерлі ад iнфарктаў:

  • Р. 12.09.1929;
  • П. 17.06.1958.

Пахаваныя на Могiлках Райнiса ў Рызе.

Марыя Новiкава