Расстраляныя паэты і не расстраляная паэзія.

Галоўная / Навiны / Расстраляныя паэты і не расстраляная паэзія.

                                                                                                Будуць помніць, хто галовы зьвесіў;
                                                                                                Іх успомняць сардэчнаю ласкаю.
                                                                                                Мы - апошнія зь першых буравесьнікаў,
                                                                                                Мы - апошнія зь першых ластавак.
                                                                                                                                Анатоль Вольны

Яны жылі, любілі, кахалі, тварылі.
Яны ганарыліся гісторыяй і мовай беларусаў, іх звычкамі і традыцыямі, прыгажосцю роднага краю.
Яны стваралі і дзейнічалі з полымем у сэрцы і любоўю да свайго, нацыянальнага.
Яны верылі ў светлую будучыню для незалежнай Беларусі і рабілі сучаснасць.
Яны былі рамантыкамі і сімвалістамі, рэалістамі і футурыстамі.
Яны гонар беларускай нацыі, выбітныя прадстаўнікі беларускага Адраджэння 20-30-ых гг 20-га стагоддзя, жудаснага часу сталінскага тэрору ў краінах СССР.

        ... Рып тармазоў чорнага варанка -
за вакном, ля параднага цемра.
... Грукат ў дзверы і цішыня.
... Людзі ў чорных скураных паліто на парозе - у калідоры - у пакоі.
... Ператрус, пратаколы, канфіскацыя, арышт.
... Чорны варанок - допыт, турма.
... Допыт, катаванні...
... Допыт, катаванні...
... Катаванні, допыт, турма.
/Чаканне - пытанні, ваганні: надзеі і расчараванні/
... Смяротны прысуд
людскога суда.
- Вы ў спісе - сюда:

ЧОРНАЯ НОЧ з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, Менск

Стрэл...Стрэл...Стрэл...
Сто трыццаць два стрэлы...
...Крыў... Крыў... Крыў...
Крыніца крывіцкай крыві...
Рака крыві... Мора крыві....
Мора крывічоў у крыві....
Варанок, грузавік, варанок...
Цярновы вянок.
У апошні шлях -
Да Курапат.
Агульныя яма -
белы жвір смяротнага савана.
Кроплі дажджу -
нябёсаў плач-жалоба.
Халодная сцюжа...
Снягі і завеі.
Чаканне вясны...
Шпакі прыляцелі.
І памяць зямлі захавала крыніцы:
Крывіцкія мошчы і словы, і вершы.
І веданне іх ажыўляе паэтаў:
Яны не ўмёрлі, бо памятны гэтым!

Шаноўнае, спадарства, запрашаем прадоўжыць традыцыю "Ночы паэтаў у Курапатах"у той краіне, якая дала нам ахову і абарону, магчымасць ладзіць сваё жыццё і будаваць свой кроў – у Латвіі, і ўшанаваць памяць ахвяраў Чорнай начы 1937 года ў Менску на сумеснай малітве па памерлых.

Малітва адбудзецца 30.10.2024 у 18.00 у капэле Касцёла Маці Божай Журботнай па адрасе Pils iela, 5, Rīga.

Паэты жывуць пакуль гучаць іх творы – таму далучайцеся да чытання вершаў з нерасстралянай паэзіі пасля службы.