Каляды набліжаюцца! І гэты цудоўны час заўсёды насычаны прыемнымі сустрэчамі.
Наталля Русецкая піша вершы, займаецца перакладамі, даследуе беларускую літаратуру розных эпох. Выдала паэтычныя зборнікі “Два бяссонні” (2004) і “Каштаны ў кішэнях” (2015), а таксама манаграфіі “Сямейная муза. Паэзія Францішкі Уршулі Радзівіл” (2007) і “Поколение RU белорусской драмы: контекст, тенденции, индивидуальности” (у суаўтарстве з Сяргеем Кавалёвым і Ірынай Лаппо, 2020). Перакладала на беларускую мову творы польскіх і ўкраінскіх паэтаў: Віславы Шымборскай, Канстанцыя Галчыньскага, Юра Іздрыка. Пераклады п’ес Францішкі Радзівіл, Вітальда Гамбровіча, а таксама іншых аўтараў ставіліся ў Купалаўскім тэатры ў Менску да 2020 года. Працягвае супрацу з “Вольнымі Купалаўцамі” і зараз. У дадзены момант працуе ў Люблінскім універсітэце Марыі Складоўскай-Кюры. Чытае мясцовым беларусам лекцыі пра беларускую культуру, арганізоўвае дыктоўкі на Дзень роднай мовы, а таксама вечарыны памяці расстраляных паэтаў. Уваходзіць у ініцыятыўную групу “Інстытут беларускай кнігі”.
Зацікавіла Вас гэтая асоба?
У вас ёсць магчымасць сустрэцца з ёй і паслухаць яе калядныя вершы ва ўтульнай атмасферы за кубачкам гарбаты ці кавы на літаратурным “кватэрніку” ў цэнтры Рыгі. Адчуць смак чароўных Калядаў 26 снежня ў 18.00 вас запрашае SUPOLKA беларусаў Латвіі. Дакладны адрас месца сустрэчы Вы атрымаеце пасля рэгістрацыі па спасылцы ў паведамленні напярэдадні мерапрыемства. Колькасць месцаў абмежавана.
Прыемных Калядаў!