З 16 студзеня па 16 лютага ў цэнтры Рыгі будзе экспанавацца арт-інсталяцыя, прысвечаная палітзняволеным праваабаронцам «Вясны»
Яна прысвечана праваабаронцам «Вясны», якія фактычна былі пакараныя за дапамогу людзям у адстойванні сваіх правоў і годнасці:
— кіраўніку арганізацыі і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, асуджанаму на 10 гадоў зняволення;
— віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Валянціну Стэфановічу, асуджанаму на 9 гадоў зняволення;
— каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміру Лабковічу, асуджанаму на 7 гадоў зняволення;
— каардынатарцы Валанцёрскай службы Марфе Рабковай, асуджанай на 14 гадоў і 9 месяцаў зняволення;
— валанцёру Андрэю Чапюку, асуджанаму на 5 гадоў і 9 месяцаў зняволення.
Паказ арт-інсталяцыі ў Рызе адбудзецца ў знакавы час: акурат у канцы студзеня ў Беларусі адбудуцца чарговыя так званыя выбары, якія насамрэч увасабляюць адсутнасць у людзей свабоды і голасу ў сваёй краіне, і пройдуць фактычна без альтэрнатыўных кандыдатаў, у атмасферы страху і прыгнёту. У гэты час за кратамі знаходзяцца больш чым за 1000 палітзняволеных, сярод якіх праваабаронцы «Вясны», якія заўжды змагаліся за правы людзей і супрацьстаялі бяспраўю.
16 студзеня а 11-й гадзіне на плошчы Латышскіх стралкоў (Latviesu strelnieku laukums) адбудзецца ўрачыстае адкрыецце арт-інсталяцыя, прысвечаная праваабаронцам, якія знаходзяцца ў Беларусі за кратамі за сваю мірную дзейнасць па дапамозе людзям. Інсталяцыю адкрыюць ганаровы госць, віцэ-мэр Рыгі Лінда Озала, а таксама прадстаўнікі Парламенцкай групы падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, Міністэрства замежных спраў Латвіі і Праваабарончага цэнтра "Вясна".
Арт-інсталяцыя «Нязломныя» створана ў межах кампаніі салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі «Вясны» #FreeViasna. Паказ у Рызе стаў магчымы дзякуючы дапамозе «Supolka» беларусаў у Латвіі. Праект ужо быў прадстаўлены ў Брусэлі (Бельгія), Капенгагене (Данія), Берліне (Германія), Познані (Польшча) і Вільні (Літва).